БАРА́НАВІЦКІ ПАКРО́ЎСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў 1924—31 у г. Баранавічы. Мураваны крыжова-купальны храм з 3 паўкруглымі апсідамі. Да асн. квадратнага ў плане аб’ёму (перакрыты вял. купалам) прымыкае 3-ярусная вежа-званіца, завершаная шлемам са шпілем. Бакавыя фасады вылучаны ўваходамі з 3-калоннымі порцікамі, увянчаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны і нішы разнастайнай формы з прафіляванымі абрамленнямі. Сабор упрыгожваюць 7 з 16 мазаічных кампазіцый з сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве: «Маці Божая з дзіцем» (маст. В.​Васняцоў), «Сабор архістратыга Міхаіла», «Маці Божая з анёламі» (маст. М.​Бруні), «Спас з данатарам» і «Дэісус» (маст. М.​Кошалеў), партрэтныя выявы Іосіфа Волацкага і мітрапаліта Аляксія (маст. В.​Думітрашка). Кампазіцыі на кардонах (простым і адваротным наборам шліфаванай смальты) выкананы ў 1902—11 у майстэрні У.​Фралова ў Пецярбургу.

Г.​М.​Ярмоленка.

Баранавіцкі Пакроўскі сабор.
Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Фрагмент іканастаса.

т. 2, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)